(дапоўнена 15.01.2015)
Падчас напісання тэкстаў на беларускай мове і перакладаў на беларускую мову можа ўзнікаць патрэба ў выкарыстанні спецыяльнай галіновай тэрміналогіі. Гэта задача можа быць складанай. Як вядома, у Рэспубліцы Беларусь цяпер у прафесійных галінах асноўным сродкам камунікацыі з’яўляецца руская мова. Адпаведна, каб ужыць спецыяльны тэрмін у беларускім тэксце, практычна немагчыма звярнуцца да адпаведнай беларускамоўнай практыкі. Гэта практычна заўжды перакладчыцкая задача, у якой мовай арыгінала выступае руская. Нават калі тэкст пішацца непасрэдна па-беларуску, і яго піша адукаваны носьбіт беларускай мовы, то з прычыны практычнага несутыкнення з беларускай мовай у прафесійных сферах адпаведны беларускі тэрмін проста невядомы, і тут у якасці арыенціра выступаюць рускія адпаведнікі.
У рэдкіх выпадках беларуская мова сапраўды ўжываецца ва ўнутраных працэсах нейкай фірмы або нават цэлай галіны, і тады можна звярнуцца да яе узусу. Яшчэ прасцей, калі фірма мае свой уласны гласарый – тады ім можна карыстацца, бо многае ўжо падрыхтавана для вас. Што ж рабіць у болей распаўсюджаных выпадках, калі даводзіцца перакладаць нанова, без прывязкі да фірмы з існым узусам і гласарыем? Для гэтага прапануем наш падыход у пошуку тэрміналогіі.
Сёння ў беларускай мове існуе праблема з тэрміналогіяй. Пашырана меркаванне, што беларускамоўная тэрміналогія не распрацавана, адсутнічае. У такой пастаноўцы пытання праблема перабольшана. Вялікая частка тэрміналогіі калі-небудзь перакладалася. Ёсць болей важныя праблемы. Гэта і вядомасць тэрміналогіі, даступнасць яе для людзей. Тэрміналогія проста не вядомая шырока і не адлюстравана шырока ў агульных перакладных (руска-беларускіх) слоўніках, да якіх лягчэй атрымаць доступ. У сапраўднасці, ёсць шмат літаратуры, з якой можна атрымліваць звесткі пра беларускую тэрміналогію. Асноўны яе спіс прыведзены на сайце Мовазбор (спіс папаўняецца). Яна даступная ў бібліятэках, паступова яе выстаўляюць у інтэрнэт. Але найбольш важная праблема, якая ў тым ліку вынікае з праблемы невядомасці, гэта няўзгодненасць тэрміналогіі.
Тэрміналогія, даступная ў гэтай літаратуры, разрозненая і супярэчлівая. Гэта больш актуальная праблема. Пры перакладзе спецыяльных тэрмінаў з рускай на беларускую ўзнікае праблема неаднастайнай тэрміналогіі. У агульных перакладных слоўніках могуць быць адны словы, у спецыялізаваных – іншыя. Акрамя таго, у розных спецыялізаваных слоўніках адзін і той жа тэрмін можа быць перакладзены па-рознаму. Сярод такіх спецыялізаваных слоўнікаў сустракаюцца і неафіцыйныя слоўнікі, выдадзеныя аматарамі самастойна. Яны могуць моцна адрознівацца ад афіцыйных і ўтрымліваць лексіку, узятую са старых слоўнікаў або з аўтарскіх слоўнікаў, дзе выбар слова часам абгрунтоўваецца вядомымі толькі аўтару прычынамі, або самастойна выдуманыя словы. Таксама папулярнасць набываюць слоўнікі, выдадзеныя на пачатку 20 ст. да рэформы 1933 года ў рамках афіцыйнага мовазнаўства, напрыклад, зборнікі Беларускай навуковай тэрміналогіі.
Як жа пераадолець гэтыя супярэчнасці? Лічым, што дзеля гэтага трэба вызначыць для сябе пэўныя прыярытэты. Што нараджае такую вялікую разнастайнасць?
1) Усведамленне мовы як мёртвай і імкненне яе адрадзіць. Гэта прыводзіць многіх да думкі, што можна тварыць па-новаму. У выніку кожны робіць па-свойму і ўзнікае разнастайнасць.
2) Перакананне ў тым, што выдадзеныя ў РБ і БССР афіцыйныя слоўнікі – як агульныя, так і галіновыя – непрымальныя, бо русіфікуюць мову. У выніку – пошук больш беларускіх адпаведнікаў, напрыклад у дарэформенных слоўніках.
3) Падыход да перакладу як да чыста лінгвістычнай задачы і арыентацыя на абстрактную правільнасць, без увагі да аспекту практычнага ўжывання.
Мова не мёртвая, бо ёсць жывыя носьбіты беларускай мовы, якія выхоўваліся і вучыліся на ёй, у тым ліку спецыяльным тэрмінам. Адпаведны узус зафіксаваны ў нарматыўных слоўніках і даведніках. Перастварэнне тэрміналогіі супярэчыць захадам па яе ўсталяванні, якія мелі месца ў 1990-х гадах пры абвяшчэнні беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай. У лексіцы з тагачасных крыніц прасочваецца пераемнасць з папярэднімі напрацоўкамі, і тое, што яна разглядалася як лексіка, якой бы вучыліся і якою б карысталіся ў рэальным жыцці грамадзяне Беларусі. Гэта азначае пэўную легітымізацыю або рэабілітацыю лексікі як прыналежнай да рэальных суверэнных беларускамоўных атрыбутаў. Безумоўна, было б прыемна мець беларускамоўную тэрміналогію, якая б адпавядала крытэрыям аўтэнтычнасці і гарманічнасці. Аднак спраўнае і несупярэчлівае функцыянаванне беларускай мовы ў прафесійных сферах тут і цяпер – найбольш важная задача. Прамаруджванне можа быць небяспечным. Калі тэрміналогія будзе прыгожай, але не уніфікаванай, ад гэтага больш шкоды. Калі дамагацца прыгожай тэрміналогіі, то трэба каб гэтыя памкненні былі падтрыманы ўсімі бакамі, ад якіх залежыць функцыянаванне тэрміналогіі, найперш – афіцыйнымі структурамі.
Ігнараванне лексікі з афіцыйных слоўнікаў – немэтазгодны падыход, і з той прычыны, што яны існуюць у адным полі з беларускімі навучальнымі праграмамі ў школах і ВНУ, з выкарыстаннем беларускай мовы (нават перакладным) у дзяржаўных установах. Практычна, пры жаданні атрымліваць ад дзяржавы беларускую мову, немэтазгодна парушаць агульную з ёй мову. Аматары моўных інавацый і альтэрнатыў (адносна цяперашняй нормы) у большасці – новыя беларускамоўныя, якія вывучылі мову на аснове рускай, таму іх свавольнае супярэчанне афіцыйнай норме з прычын густу або пурызму не выглядае паважнай прычынай, каб падладжвацца пад іх. Акрамя таго, ва ўмовах дамінавання рускай мовы беларускамоўныя лёгка падпадаюць пад абагульненне, пра іх ствараюцца стэрэатыпы, таму такія неканструктыўныя паводзіны накладаюць негатыўны адбітак і ствараюць уражанне аб ненатуральнасці патрэб у абслугоўванні на беларускай мове.
Урэшце, пры перакладзе на няродную мову заўжды трэба кіравацца узусам гэтай мовы. Цяпер з прычыны моцнай стагнацыі беларускай мовы гэта практычна немагчыма, бо носьбіты беларускай мовы не твораць адзінай супольнасці, яны разрозненыя. Затое магчыма абаперціся на узус, зафіксаваны ў аднамоўных крыніцах – тлумачальных слоўніках, энцыклапедыях, навучальных матэрыялах на беларускай мове. Гэта апраўдана тым, што ён фіксаваўся на аснове моўнай практыкі некалі наяўнай, адзінай супольнасці носьбітаў. Пры перакладзе на няродную мову карысна абапірацца на такія аднамоўныя крыніцы, бо яны тлумачаць мову з гледзішча носьбіта, які выкарыстоўвае гэтую мову не ў перакладзе, а ў непасрэдным абмене інфармацыяй. У гэтых крыніцах раскрываюцца значэнні слоў, іх стылістычная прыналежнасць і семантычныя ўзаемасувязі. Такімі крыніцамі ў беларускай мове з’яўляюцца: тлумачальныя слоўнікі, энцыклапедыі, навучальныя матэрыялы (падручнікі і даведнікі). Карыстанне такімі аднамоўнымі матэрыяламі стварае грунт для незалежнага існавання моўнай супольнасці, калі мовай карыстаюцца, а не перакладаюць на яе.
Афіцыйнасць крыніц важная з той прычыны, што пры іх укладанні выконваецца пэўная метадалогія і дысцыпліна, якая робіць розныя выданні адносна ўзгодненымі паміж сабой, абапіраючыся на некалі зафіксаваны узус.
Такім чынам, з улікам вышэйапісанага, пры перакладзе на беларускую мову спецыялізаваных тэрмінаў трэба арыентавацца на:
- сучаснасць
- афіцыйнасць
- галіновую спецыялізацыю
- аднамоўныя крыніцы
Вось яшчэ некалькі важных прынцыпаў.
Тэрміналогія вымагае аднастайнасці. Для дакладнага аперыравання паняццем, для недвухсэнсоўнага яго называння патрэбны ў ідэале адзін тэрмін. З гэтага вынікае, што ў агульнай мове можа быць некалькі сінонімаў, але пры выбары нейкага слова ў якасці тэрміна адбудзецца раздзяленне. Напрыклад, у простай мове словам жалезам могуць называць любы метал, але ў металургіі жалеза і метал – не адно і тое ж. Або “машына” можа быць агульным словам, але ў дарожным руху тэрмінам будзе “аўтамабіль”. Гэтаксама “дамова” цяпер – агульнае слова, але тэрмінам з’яўляецца “дагавор” ці “кантракт”.
Пажадана каб спец.тэрмін не ўступаў у супярэчнасць са значэннем у агульнай мове. Напрыклад, у Руска-беларускім слоўніку “сообщающиеся сосуды” перакладаюцца як “сазлучаныя сасуды”. У той жа час значэнні слова “сасуд” у сучаснай мове: 1) Трубчасты орган у целе чалавека ці жывёлы, па якім цячэ кроў або лімфа. 2) У раслін — трубка, па якой праходзіць вільгаць з растворанымі мінеральнымі солямі і іншымі рэчывамі. Тут, відаць, супярэчнасць, бо ў патрэбным нам сэнсе “сосуд” – “пасудзіна”. Або калі мы бачым, што ў “дробь” як зарад для паляўнічых стрэльбаў перакладаецца “дроб”, то гэта памылка, бо дроб – гэта 1. Кавалачак чаго-н.; драбок. 2. Лік, які складаецца з пэўнай колькасці роўных частак адзінкі. Відавочна, маецца, на ўвазе “шрот”. Або калі “шоколадное масло” перакладаецца як “шакаладны алей”, а гаворка пра прадукт у брусках, які можна мазаць на хлеб, то тут памылка перакладу, бо алей мае вадкую кансістэнцыю. Тут правільна “шакаладнае масла”.
Акрамя грубых сэнсавых памылак варта звяртаць увагу і на паметы стылю і рэгістру. Напрыклад, слова “чашчыня” азначае тое ж, што і “частата”, але яно размоўнае.
Пры адсутнасці ў сучасных крыніцах трэба шукаць у ранейшых крыніцах, але як мага бліжэйшых да сучаснасці, г.зн. паступова “спускацца”. Гэтым мы праяўляем абыходжанне да беларускай мовы як да жывой, якая мае паслядоўныя этапы развіцця.
Узгодненасць у слоўніках з розных галін. Дапусцім, у фізічным слоўніку бачым тэрмін “вадкасць”, а ў медыцынскім “жыжка”. Гэта непажадана. Безумоўна, у нармальных сітуацыях у здаровых моўных супольнасцях з гістарычных прычын розныя галіны могуць называць адно і тое ж рознымі словамі. Але ж у беларускай сітуацыі мы ўсталёўваем, ставім на ногі прафесійную тэрміналогію. У нашых умовах неаднастайнасць у розных галінах гэта раскоша, таму лепш не фарсіраваць такое адрозненне без пільнай патрэбы.
Пашыранасць у розных слоўніках. Напрыклад, рускае “мышцы” паводле агульнага слоўніка перакладаюцца і “мышцы”, і “цягліцы”. У спецыяльных яны то так, то гэтак. Ёсць сэнс звярнуць увагу, якога слова болей.
Аўтарытэтнасць крыніцы. Сярод згаданых крыніц могуць быць цэнтральныя. У выпадку цяжкага выбару можна звярнуцца да іх, і калі прыведзеныя ў іх варыянты не маюць сур’ёзных заган, можна звярнуцца да іх як да аўтарытэтных. Гэта, напрыклад, Беларуская энцыклапедыя або Шматмоўны слоўнік юрыдычных тэрмінаў.
З улікам усяго гэтага можна ўзважыць і прыняць рашэнне.
Гэта часовы падыход, якім варта кіравацца на бягучы момант. Безумоўна, прафесійная тэрміналогія патрабуе ўніфікацыі для таго, каб надалей выбар тэрміну быў больш адназначны, каб можна было, зірнуўшы ў адзін слоўнік, зроблены пад эгідай уніфікацыі тэрміналогіі, быць упэўненым, што ён не будзе супярэчыць іншым такім жа. Уніфікацыя вымагае каардынацыі розных бакоў – мовазнаўчых інстытутаў, адукацыйных устаноў, органаў стандартызацыі, галіновых аб’яднанняў. Неабходны пэўны каардынацыйны цэнтр, які б узгадняў тэрміналогію. У прыватнасці, важна, каб забяспечвалася адзінства сумежнай тэрміналогіі ў розных галінах.