Гэта платформа, удзельнікі якой ставіць мэты:
- Збіраць людзей вакол беларускай мовы
- Збіраць моўны матэрыял (кантэнт), раскіданы па розных крыніцах
- Збіраць мову як цэласную структуру і сістэму
Нашы прыярытэты:
- Пераемнасць традыцыі. Калі трэба ўзнавіць прыпыненае, мы пачынаем з моманту прыпынення. Мы не імкнёмся адрадзіць нанова тое, што і так жывое і існуе ў форме, што адпавядае цяперашняй стадыі развіцця.
- Сучаснасць. Мы жывём тут і цяпер, цэнім актуальны момант і аддаём перавагу рэальнаму жыццю.
- Агульнасць. Мы грунтуемся на тым, што мова найперш — калектыўны здабытак, і яе задача — агульнае паразуменне, а не самаізаляцыя.
- Аўтаномнасць. Мы ўсведамляем, што каштоўнасць мовы — у яе самастойнасці і апоры на ўласныя, унутраныя рэсурсы.
- Іерархічнасць і размежаванне сфер. Моўная з’ява не можа быць заўжды правільнай ці заўжды няправільнай, яна можа быць дарэчнай у пэўных сітуацыях, і некаторыя сітуацыі маюць большую важнасць.
- Дзяржаўніцтва. Мы ўсведамляем, што спраўнае функцыянаванне моўных працэсаў у дзяржаве — зарука эфектыўнай камунікацыі і ўзмацнення яе самастойнасці. Таму мы выступаем за прадзяржаўны падыход — адзінства з дзяржавай у захадах, накіраваных на карысць беларускай мовы.
Місія
Утварэнне аўтаномнай беларускамоўнай супольнасці, якая забяспечана беларускай мовай у сваіх галінах жыцця, творыць падмурак дзяржавы праз аб’яднанне з ёю сваіх высілкаў і пашыраецца сярод суграмадзян.
Задачы
Моўная асвета (базавае навучанне, канцэптуальныя тэксты, метадычкі і дапаможнікі, спісы памылак, памежных і спрэчных момантаў)
Моўная даведка (экспертная анлайн-сістэма з класіфікацыяй лексікі паводле слоўнікаў, пытанні і адказы, інструкцыі па пошуку, сховішча слоўнікаў, архіў дыскусій)
Каманда беларусізатараў (залучэнне да валанцёрскіх праектаў, кантроль якасці, наданне прафесійнага статусу для ўдзелу ў камерцыйных праектах)
Беларускамоўныя кадры (біржа працы, выбар выканаўцаў з апрабаваных беларускамоўных – апрабацыя паводле агульных ведаў і паводле ведання тэрміналогіі)
Беларускамоўны бізнес (падтрымка бізнесу ў моўных тэхналогіях і ў пытаннях тэрміналогіі, прасоўванне тавараў і паслуг з беларускай мовай)
Беларускамоўная культурна-інфармацыйная прастора (агульнае поле кантактаў паміж беларускамоўнымі, якія аб’яднаны прынцыпамі Мовазбору)
Наша пляцоўка разбудоўваецца. Каб быць у курсе падзей Мовазбору, падпісвайцеся на нашу рассылку.